ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на У Азіі, у Кітаі. Пл. каля 325 тыс. км². Абмежавана на Пн гарамі Яньшань, на З хр. Тайханшань, на ПдЗ хр. Тунбайшань і Дабешань; на У працягнулася больш як на 1000 км уздоўж узбярэжжа Жоўтага і Усх.-Кітайскага мораў.
Паверхня плоская, выш. да 100 м. Складзена з магутнай тоўшчы алювіяльных адкладаў рэк. Клімат субтрапічны мусонны, з вільготным летам і сухой халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. 20 °C (у Прымор’і) і 28 °C (ва ўнутр. раёнах). Ападкаў за год 400—500 мм на Пн, 750—1000 мм на Пд. Раўніну перасякаюць рэкі Хуанхэ, Хуайхэ, Хайхэ; з Пн на Пд — Вялікі канал. Частыя паводкі. Самыя вял. азёры: Тайху, Хунцзэху, Вэйшаньху. Амаль уся тэр. ўзараная. Вырошчваюцца пшаніца, рыс, арахіс, проса, соя, бавоўнік. Адзін з самых населеных раёнаў свету; вял. гарады: Пекін, Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)